НАВУКО́ВЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які абслугоўвае разнастайныя галіны навукі (тэхн., прыродазнаўчыя, гуманітарныя і інш.) і рэалізуецца ў манаграфіях, навук. артыкулах, дысертацыях, рэфератах, навук. паведамленнях, дакладах і інш. Мае 3 асн. падстылі; уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны. Асн. стылявыя рысы: яснасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць, доказнасць, недвухсэнсавасць, бязвобразнасць. Найб. ярка праяўляецца ў пісьмовай форме, у апошні час актыўна пранікае (зберагаючы сваю спецыфіку) і ў вуснае маўленне. У сучасным Н. с. многа розных наменклатурных знакаў, схем, табліц, дыяграм і інш. Н. с. ўласцівы; у лексіцы — шырокае выкарыстанне тэрміналогіі і слоў з абстрактным значэннем; у марфалогіі — пераважнае выкарыстанне некаторых класаў слоў, напр., назоўнікаў, прыметнікаў (каля 13% любога навук. тэксту), займеннікаў мнл. 1-й асобы для ўказання асобы аўтара; у сінтаксісе — складаныя сінтакс. канструкцыі, дзеепрыметныя і дзеепрыслоўныя словазлучэнні, розныя ўстаўкі, тлумачэнні і інш. Характарызуецца тэндэнцыяй да інтэрнацыяналізацыі.

Літ.:

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;

Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Современный русский язык. Ч. 3. 2 изд. Мн., 1998.

Р.Р.Чэчат.

т. 11, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)